ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.
І.М.Язэпенка.
т. 12, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)